Да Года малой радзімы ў рамках праграмы “Школа активного гражданина”, у школе прайшла адзіная інфармацыйная гадзіна ў форме ток шоу.
Пружаншчына – наша дарагая сэрцу мясціна. Візітнай карткай раёна, яго гордасцю і славай з’яўляецца народны хор народнай песні “Вербніца”Пружанскага гарадскога Палаца культуры пад кіраўніцтвам Івана Іванавіча Гвоздзіка. Па даўняй беларускай традыцыі гасцей прынята сустракаць хлебам-соллю, таму мы сустрэлі шаноўных гасцей з караваем!
Народны хор народнай песні “Вербніца” створаны ў 1993годзе. А ужо праз год, у 1994 годзе калектыву прысвоена званне “народны аматарскі калектыў”. У гэтым вялікая заслуга Івана Іванавіча – выдатнага музыканта, вялікага аматара народнай творчасці, таленавітага чалавека, самадзейнага кампазітара, якім напісана больш за 80 песень. Выдадзены 3 зборнікі песень Івана Іванавіча: “Гучыць пад акенцам гармонік”, “Люблю да слёз”, “Ой, цячэ крынічанька”. Апошні зборнік песень выдадзены ў 2018 годзе, прысвечаны Году малой радзімы. Калектыў аб’яднаў больш за 30 апантаных аматараў народнай песні. Гэта работнікі розных устаноў і прадпрыемстваў Пружанскага раёна. Ёсць у калектыве і наша работніца – Ірына Васільеўна Грысюк. Раней удзельніцай калектыву была настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Аляксандраўна Собаль. Калектыў – жаданы госць на канцэртных пляцоўках раёна, вобласці. Добра вядомы ў гарадах Іванава, Камянец, Жабінка, Бяроза, Брэст, Белаазёрск, Шклоў, Мядзель. Неаднаразова калектыў прымаў удзел у Міжнародных фестывалях беларускай песні ў Беластоку, Гайнаўцы, Бельску рэспублікі Польшча. Узбагачае, дапаўняе гучанне галасоў інструментальная група. Яна ўключае музыкантаў, якія выдатна іграюць на баяне, скрыпцы, цымбалах, кантрабасе, ударных інструментах. Хор народнай песні “Вербніца” заўсёды там, дзе самадзейных артыстаў чакаюць, любяць і шчыра прымаюць. А ўдзельнікі калектыву з задавальненнем дораць песні, запал сэрцаў, весялосць і добры настрой людзям.