Внеклассное мероприятие, посвящённое 120 М. Богдановича

  • Автор записи:
  • Комментарии к записи:0 комментариев

“Светлы ж след будзе вечна жывым”

Літаратурна-музычная кампазіцыя  да 120-годдзя Максіма Багдановіча

Распрацавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры

І.У. Астапчук

Мэта: зацікавіць вучняў жыццём і творчасцю М.Багдановіча, усебакова раскрыць асобу пісьменніка, выявіць малавядомыя старонкі яго лёсу, выхоўваць патрыятычныя пачуцці , развіваць чытацкія  ўменні дзяцей.

Гучыць мелодыя песні “Слуцкія ткачыхі”.

Дзяўчаты ў беларускіх народных касцюмах водзяць карагод.

1дз.

Васілёчкі, рамонкі, уюнок.

Ціха крочу сцяжынкаю вузкай.

Для цябе я збіраю вянок

З сціплых кветак зямлі беларускай.

2 дз.

Я зрываю валошкі і мак,

І, напэўна, зрываю не першай

Для цябе, беларускі юнак,

За твае незабыўныя вершы.

3 дз.

Мне балюча і горка зусім.

Што зрабіць мне, каб кветкі не звялі?

Каб не лёсу няўмольны прысуд,

Мог бы жыць і тварыць ты і далей.

4 дз.

Ды каму гэты кінеш папрок?

Не паможаш ні смуткам, ні плачам.

Ты прымі гэты сціплы вянок

Ад сучасных мадонн, ад зямлячак.

Падыходзяць да партрэта М.Багдановіча і ўскладаюць вяночкі з васількоў.

.

Усяго 25 свечак адпалала на зямным бяседным стале М. Багдановіча. Калі пагасла апошняя, тоненькая і пахілая, побач не было ні сваякоў, ні сяброў, і выпадковыя людзі, якія паклалі ў камяністую крымскую зямлю высушанае туберкулёзам маладое цела, не здагадваліся нават, што хавалі аднаго з найвыдатнейшых  беларускіх паэтаў, аднаго з самых любімых сыноў нацыі.

.

Яму было наканавана кароткае зямное жыццё і вечнасць у мастацкім слове. Сярод геніяў свету М.Багдановіч самы малады, па сутнасці  юны. Такія творцы, відаць, як дар неба, сусвету для грэшнай зямлі, каб не звяліся на ёй святыя пачуцці. У самім прозвішчы паэта  Багдановіч прачытваецца : Богам дадзены.

1в.

Сёння мы сабраліся тут, каб яшчэ раз прайсці па незабыўных сцежках паэта, паслухаць чароўныя радкі яго бессмяротнай паэзіі.

Гучыць песня на сл. Я.Коласа “Мой родны кут”

1в.

9 снежня 1891 года ў старажытным Мінску,  у доме, які стаяў у Траецкім прадмесці, нарадзіўся Максім Багдановіч, чалавек незвычайнага таленту і незвычайнага лёсу. Бацькі паэта былі інтэлігентнымі, высокаадукаванымі людзьмі. Адам Ягоравіч – педагог. Усё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню культуры і быту народа, вуснай народнай творчасці. Маці, Марыя Апанасаўна, скончыла настаўніцкія курсы, любіла літаратуру і нават сама спрабавала пісаць апавяданні.  У сям’і, акрамя Максіма, падрастала яшчэ двое старэйшых за яго брацікаў – Вадзім і Лёва.

2в.

Калі Максіму споўніўся гадок, сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна. Стары драўляны дом, што стаіць на рагу вуліц Багдановіча і Першамайскай, амаль не чуў шуму гарадскіх магістраляў. Гэта была ціхая, пакрытая зелянінай садоў ускраіна.

1чыт.

Удаль вядуць мяне сляды

Да вас, дзіцячыя гады.

Ўстае перад маім паглядам

І вулка, веючая сном,

І ціхі, старасвецкі дом

З цяністым, адзічэлым садам.

Над ім шпакоўніца ўгары,

А ўкруг схіліўся тын стары.

Я змалку там штодзень гуляў,

З дзяцьмі я лез на дахі смела,

Рваў яблыкі, рабіў садом

І крыкам поўніў цэлы дом.

А вечарком мы выпускалі

Ў паветра белых галубоў.

Зрабіўшы некалькі кругоў,

У вышыню яны шыбалі,

Як чысты снег, кружылі там

І падалі на дахі к нам.

Калі ж сачыўся бледнаваты

Зор сініх свет праз небасхіл,

Мы ўсе спявалі каля хаты.

І напаўняў нягучны хор

Маркотнай песняй сціхшы двор.

Так у гулянках пралятала

Маё дзіцячае жыццё…

(урывак з паэмы “Вераніка”)

1в.

Толькі чатыры гады бегалі ножкі Максіма ў гэтым доме.  А затым – страшная бяда: смерць маці, горача любімай сынам. Яна памерла на дваццаць восьмым годзе жыцця ад сухотаў. Навечна – развітанне з маці, надоўга – развітанне з Радзімай.

2в.

У той дзень ён прачнуўся вельмі рана, радасны, весела бегаў з пакоя ў пакой, смяяўся, але раптам да яго падышоў бацька, узяў за плячо і загадаў сесці.Твар у бацькі быў нейкі нядобры, і Максіму стала трывожна… Пасля да іх прыйшоў высокі худы чалавек у пенснэ – ён прыходзіў і раней, калі ў мамы з горла ішла кроў. За ім заявіўся бацюшка – Максім яшчэ ні разу не бачыў яго ў доме.”Чаму ён тут?”- падумаў Максім , гледзячы ўслед  яго доўгай расе, але з крэсла не злез – так і прасядзеў на ім усю тую раніцу, быццам прывязаны…

1в.

Яна ляжала ў труне, рукі былі складзены на грудзях. Гарэлі свечкі.Адна з іх пачала раптам гарэць хутчэй за іншыя, задрыжэла і неўзабаве згасла, за ёю – яшчэ адна, маленькая, гэтаксама хутка…Максім падаўся назад, засланіў твар рукамі…

2в.

Усё свядомае жыццё Максіма Багдановіча прайшло ў Расіі: у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. Што мог запомніць хлопчык пра Бацькаўшчыну? Аказваецца, Беларусь у яго свядомасці назаўсёды аб’ядналася з самым светлым, пяшчотным вобразам матулі. Хіба мог ён забыць яе меладычны голас, прыгожую ўсмешку, цёплыя рукі?

1в.

Памяць пра маці жыла ў нотах, па якіх яна іграла на фартэпіяна, у любімых творах. І хоць Максіму ў гэты час было пяць год, дзіцячая душа не магла прыняць тыя змены, на якія рашыўся бацька. І ніводную жанчыну ён так і не  назаве больш мамай.

2в.

Вобраз той, хто даў яму жыццё, вечна жыў у Максімавым сэрцы як вобраз Радзімы, як зорка ясная, якая дарыла яму “светлыя згадкі”, будзіла ў яго сэрцы пачуццё прыгажосці, любоў да роднай Беларусі.

1в.

Пасля смерці Марылькі (так ласкава называў жонку Адам Ягоравіч) сям’я пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Максім становіцца вучнем Ніжагародскай мужчынскай  гімназіі. Шмат чытае, за што атрымлівае мянушку Максім-Кніжнік. Асабліва падабаюцца яму творы Пушкіна, Лермантава, Фета, мастацтва Адраджэння, міфалогія старажытных беларусаў.

.

Якія ж таемныя струны душы  павінны былі гучаць, каб з адарванага фізічна і духоўна  ад Беларусі хлопчыка вырас вялікі беларускі паэт! Бо нават бацька казаў юнаму Максіму: “Нашто табе гэтая беларусіка? Правінцыялізм”. Але зборнікі беларускіх песень і казак, бацькавы зборнікі супярэчылі гэтаму. І Максім вывучаў па іх родную мову.

Чытаецца урывак з дакументальнай аповесці Алеся Асташонка “Вяртанне”

2в.

Шлях Багдановіча да беларускай мовы – формула нацыянальнага выратавання для беларусаў, якія хочуць вярнуцца да роднага.

1в.

Максім Багдановіч – прыклад для нас, сучаснікаў, як трэба ставіцца да беларускай мовы, як трэба любіць сваю Радзіму.

 

Выконваецца песня “Гаворка беларуская”(словы і музыка народныя)

 

 Гучыць песня на сл. Я.Купалы “Малітва

1в.

Першыя беларускія вершы  Максім Багдановіч піша ў 11-гадовым узросце. Чытаеш раннія  творы   паэта – і перад табой як бы паўстае беларуская зямля са сваім хараством і таямніцамі, старымі барамі, цёмнымі пушчамі з адвечным гаспадаром лесуном, ціхія завадзі з вадзяніком і яго дочкамі русалкамі.

 

2 чыт.

Стаяў калісь тут бор стары

І жыў лясун у тым бары.

Зрубалі бор  – лясун загінуў.

Во след яго ад той пары:

Сваё люстэрка ён пакінуў.

Маўляў у іншы свет акно,

Ляжыць, спакойнае, яно.

Жыццё сабою адбівае

І ўсё, што  згінула даўно,

У цёмнай глыбіні хавае.

(“Возера”)

3 чыт.

Сонца ціха скацілася з горкі,

Месяц белы заплаканы свеціць,

Аглядае бахматыя зоркі.

Цягне з возера срэбныя ніці.

У іх русалкі заблыталі косы,

Рвуць і блытаюць срэбныя ніці.

Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

Ноч шапоча русалкам: ”Засніце…”

(“Над возерам”)

4 чыт.

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай

І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.

Твар травой аблытаны, быццам павуцінай,

Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.

Над вадой,  ля берага, ціха спіць асока

Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць.

Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка,

І усё навокала сном адвечным спіць.

(“Вадзянік”)

1в.

У Ніжнім Ноўгарадзе, куды пераехала сям’я Багдановічаў, жыў і працаваў Максім Горкі. У 1899г. Адам Ягоравіч Багдановіч ажаніўся з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай – сястрой жонкі Максіма Горкага. Але шлюб гэты аказаўся непрацяглым, бо яна памерла пры родах, пакінуўшы пасля сябе маленькага Шурыка.

2в.

У хуткім часе Адам Ягоравіч сыходзіцца з Аляксандрай Панасаўнай Мякота – роднай сястрой Максімавай маці. Як  ставіўся да яе Максім? Дзіцячая душа не магла змірыцца з тым, што мачахай стала родная сястра яго маці, лічыў, што тым самым Аляксандра Панасаўна кідала цень на памяць сваёй сястры,  і душэўна не мог не пратэставаць супраць гэтага.

1в.

У гэты час у Максіма яшчэ больш абвастраецца пачуццё адзіноты і настальгіі па далёкай Радзіме.

 5 чыт.

Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю:

Ой, пайду я з цеснай хаты ў тое поле.

У чыстым полі вецер вые, павявае,

Ты пакінь мяне, нуда мая нямая!

Я тады б у песні звонкай, салаўінай

Выліў сум ды і на вецер буйны кінуў,

І развеяў бы яго ён па раздоллі,

Каб не бачыць мне ніколі ўжо нядолі.

(“Сэрца ные”)

 

6 чыт.

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць,

Маркотна між іх я хаджу адзінок,

Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае

Наш родны, забыты ў цяні васілёк.

“Здароў будзь, зямляча! – чуць бачны ў даліне

Панура, нявесела шэпча ён мне.

Успамянем, мой дружа, у багатай чужыне

Аб беднай, багатай сваёй старане”

(“На чужыне”)

2в.У 1908 г. сям’я Багдановічаў пераехала ў Яраслаўль, куды быў пераведзены па службе Адам Ягоравіч. Максім паступае ў Яраслаўскую гімназію. Успамінае адзін з аднакласнікаў Максіма:

1в.

Асабліва ажыўлена стала на занятках літаратурнага гуртка, калі ў наш клас прыйшоў новы вучань. Яго звалі Максім Багдановіч. Сціплага, выхаванага і таварыскага, яго адразу палюбіў клас. У пытаннях літаратуры ён быў на галаву вышэй за ўсіх нашых медалістаў. Свае погляды Максім адстойваў заўсёды горача і смела…

2в.

У Яраслаўлі паэт напісаў большасць сваіх вершаў. Кранаюць нас вершы Максіма Багдановіча аб родным краі, аб сэнсе чалавечага жыцця- найвялікшага дару прыроды. Калі бярэш гэты дар, – вучыць паэт, патрэбнпа быць вартымі яго.

 7 чыт.

Жывеш не вечна, чалавек,

Перажыві ж у момант век!

Каб хвалявалася жыццё,

Каб больш разгону ў ім было,

Каб цераз край душы чуццё

Не раз, не два пайшло.

Жыві і цэльнасці шукай,

Аб шыраце духоўнай дбай.

І ў напружэнні паўнаты

Свайго шырокага  жыцця

Без болю, ціха зайдзеш ты

У краіну забыцця.

(“Жывеш не вечна, чалавек”)

8 чыт.

Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы

У ясную сінюю ноч

І спытаць:

“Бачыце гэтыя зоркі, буйныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожнікі, папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам

Ляцім да зор?”

(“Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”)

1в.Тэма прыроды – асноўная ў творчасці М.Багдановіча. Яго пейзажныя вершы настолькі пранікнёныя, глыбокія і лірычныя , што лёгка кладуцца на музыку. Адным з такіх  твораў  з’яўляецца верш “Па-над белым пухам вішняў”

Выконваецца песня “Па-над белым пухам вішняў”

1в.

Сувязь з далёкай Беларуссю будзіла ў Максіма вялікае пачуццё радасці. Вось як успамінае пра гэта старэйшы беларускі пісьменнік Васіль Гарбацэвіч, які па волі лёсу апынуўся ў вялікім горадзе на Волзе. “Аднойчы прыйшлі мы, беларусы, абедаць у студэнцкую сталовую. Нашу ўвагу прыцягнуў да сябе малады чалавек у форме ліцэіста, які пазіраў у акно, запусціўшы пальцы ў пышныя валасы. Калі да яго даляцела беларуская гутарка, ён рэзка павярнуўся ў наш бок, потым падбег да стала. Вочы ў яго загарэліся.

– Адкуль вы?

Мы адказалі. Колькі ў яго было радасці,  уздыму! Ён нас літаральна засыпаў пытаннямі:”Ці прыляцелі ўжо да нас гракі? А дзе сабе гнёзды віюць буслы? Якія першыя кветкі на Беларусі?” Ён вельмі захапіўся словам пралеска. Усё шаптаў яго, а потым нечакана запытаў:”Яна блакітная?”

– А чаму вам так здаецца? – запытаў я.

–  Інакш быць не можа, бо чыстаму блакітнаму веснавому небу зямля павінна нарадзіць адпаведны падарунак, – адказаў ліцэіст.

1в.

Потым ён папрасіў прабачэння , што перашкодзіў нам абедаць, зноў адышоў да акна… У студэнта Яраслаўскага інстытута, які быў нашым суседам за сталом, мы запыталі, ці не ведае ён, хто гэты ліцэіст. Той паглядзеў на нас. Паківаў галавой і з дакорам сказаў:

– Калі я не памыляюся, вы беларусы. Дык вы павінны ведаць, што гэта паэт  Максім Багдановіч.

2в.

Аднойчы М.Багдановіч прысутнічаў на канцэрце , які ставіўся сіламі гімназістаў. Ён знайшоў месца з краю, у апошніх радах, сеў, уважліва сачыў за сцэнай. Затым устаў са свайго месца і пайшоў за кулісы.

1в.

– А можна мне прачытаць некалькі вершаў? – спытаў ён канферансье.

– Калі ласка.

Максім выйшаў на сцэну. У знямелай цішыні загучаў яго ўсхваляваны голас.

9 чыт.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну любімую жах,

Успомню Вострую Браму святую

І ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі – гады,

Вы за кім у пагоню спяшыце,

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся

За тваімі дзяцьмі ўздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць.

Маці родная, Маці-Краіна!

Не ўсцішыцца гэтакі боль…

Ты прабач, ты прымі свайго сына,

За цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

(“Пагоня”)

10 чыт.

Сцюжны час, бязмежна суровы,

Спіць народ, нібы зерне ў раллі.

Ты прыйшоў і гарачым словам

Рунь узняў на роднай зямлі.

Ты сказаў нам:” Унукі Скарыны,

Дзе ваш гонар, моц і краса?

Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.

Не давайце святыні псам!

Не давайце з яе глуміцца,

Бо праспіць яна ясну зару,

Бо святы ізумруд заімгліцца

У пярсцёнку тваім, Беларусь”.

Ты ўстаў на лютую сечу,

Бітву вечную сонца і хмар,

Узваліўшы на юныя плечы

Святагораў народны цяжар.

І не вынеслі жылы напругі:

Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,

Сплыў крывёю, загінуў за “другі”,

За мяне, за вас і за ўсіх.

І застаўся ты ў нашых душах,

Хоць навекі знік у палях,

Вечна светлы і вечна дужы,

Вечна юны, як наша зямля.

(У.Караткевіч “Багдановічу”)

2в.

Максім Багдановіч даў нам непаўторны ўрок гісторыі, абудзіў гонар за сваё мінулае. Яго паэзія – палымяны заклік аддаць усе сілы ў імя росквіту роднай зямлі, яе ўзвышэння. Кожны яго верш – гэта маленне за сваю краіну- браначку, як ён ласкава называў  Беларусь.

Выконваецца песня “Малітва” на словы Г.Бураўкіна

1в.

У 1911г. пасля заканчэння Яраслаўскай гімназіі збылася запаветная мара М.Багдановіча – ён упершыню наведаў Беларусь – край васільковых палёў, дзе асабліва блакітнае неба і асабліва буйныя зоркі.Паездка М.Багдановіча на Беларусь – адна з самых яркіх старонак у яго жыццёвай біяграфіі. Адарваны ад Радзімы пяцігадовым хлапчуком (неўзабаве пасля смерці маці), ён да заканчэння гімназіі не бачыўся з Бацькаўшчынай.Далёкая і нязнаная Беларусь вабіла і прыцягвала да сябе ад той пары, як ён пачаў адчуваць сябе свядома.

Пачынае гучаць мелодыя песні “Малітва”Я.Купалы.

2в.

Дваццацігадовы юнак прыехаў у Вільню – цэнтр Літвы і Беларусі. Вільня! Рэдакцыя “Нашай нівы”. Ужо не па газетах, а на свае вочы  ён бачыць тых, хто стварае беларускую літаратуру, дбае пра яе росквіт. Правёўшы тут некалькі дзён, амаль два месяцы жыве ў  фальварку Ракуцёўшчына, што недалёка ад Маладзечна.

1в.

Ступіўшы на зямлю Беларусі, паэт нібы набывае крылы.  Раней ён уяўляў родны край толькі ў марах-снах, родная мова звінела толькі ў душы паэта, а цяпер усё гэта ўбачыў і пачуў на яве.

2в.

У гэтае ж лета паэт упершыню пабыў на беларускім вясковым вяселлі. Яго ўразіла багацце вясельна-абрадавай паэзіі, яе глыбокі нацыянальны каларыт. М.Багдановіч казаў гаспадару, у доме якога гасцяваў: “Я ўдзячны вам, што вы мяне паклікалі з сабой на вяселле. Мне было вельмі цікава, вельмі…Я ж ніколі не быў так блізка сярод сваіх, беларусаў. А гэтыя песні… Яны такія зразумелыя, родныя, блізкія сэрцу”.

Выконваецца беларуская народная песня “Цячэ рэчка”

1в.

Паэта зачаравалі, захапілі ў палон народныя песні. Іх матывы гучаць у многіх творах М.Багдановіча, як, напрыклад, у паэме “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык”

Гучыць  песня “Ой, што там за шум”

Інсцэніроўка ўрыўка з паэмы “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык”

Чыт.

Захісталася сасонка баравая,

Затужыла дзяўчынанька маладая.

Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,

А па імені- Мушка-зелянушка.

Мушка.

“Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі,

Што мяне і не сваталі ніколі?

А пасагу прабагатага я маю:

Куст шыпшыны ад краю і да краю,

Шчэлка ў яблыні- пры ветры каб хавацца,

Ліст альховы – на ночку  накрывацца,

Ды да краю поўны мёдам кацялішча

З жалудзёвай вялізнай скарлупішчы.”

Чыт.

Як пачуў тыя жаласці камарык,

Паскрабаў і насочак ён і тварык.

Камарык.

“А чаму ды мне   з ёй не пажаніцца?

Пэўна, пойдзе, каб болей не журыцца.

Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,

Дык у скоках затое ж рухавы…”

Чыт.

І схапіўся камарочак прыбірацца,

Каб ля мушкі-пяюшкі ўвіхацца.

Гучыць песня “Ой што там за шум”

(Камарык нейкі час завіхаецца вакол мушкі, потым яны разлятаюцца ў розныя бакі. Праз хвіліну на сцэне камарык, хрушч. Залятае мушка).

Чыт.

Прыляцела мушка дахаты,

Аж у яе камарык насаты.

Сватоўя-хрушчы ўссядаюць,

З бацькам-маткай штось размаўляюць.

Хрушч.

Мы – стральцы, шукаем куніцу,

Не куніцу, але дзявіцу.

Чыт.

Гаманілі  болей гадзіны,

Ды гавораць так да дзяўчыны:

Хрушч.

“Ці да смаку наш госць багаты?”

Мушка.

“Запытайцеся ў мамы і таты”

Чыт.

Тут гарэлкай усё змацавалі,

А пасля і заручын даждалі.

Браў жаніх ад мушкі-дзяўчыны

Дарагі ручнік з павучыны,

Што яна на траўцы сцяліла

І на ясным сонцы бяліла. (уключаецца музыка)

У нядзелю будзе вяселле.

Захадзіў камар, як з пахмелля..

(Камар пачынае танцаваць, да яго падключаюцца ўсе астатнія)

1в.

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Максім Багдановіч хацеў паступаць у Пецярбургскі ўніверсітэт, прысвяціць сябе навуковай дзейнасці, займацца беларускай філалогіяй. Але бацька на гэта згоды не даў, тлумачачы слабым здароўем Максіма.У 1911 годзе Максім паступае ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй.

2в.

Ды толькі яго, як птушку з далёкага выраю, цягнула на Радзіму. “Вось толькі скончу гэты пракляты ліцэй,- пісаў Багдановіч беларускім сябрам, – і зараз жа прыеду на Беларусь, дадому. Годзе ўжо бадзяцца па свеце. І ніякая сіла мяне тут не ўтрымае”.

У 1913 г. выходзіць першы і адзіны зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”. Колькі клопатаў і турбот давялося яму зазнаць пры выданні зборніка! Не было грошай. Разлічваць на бацькаву дапамогу не мог, бо той, як відаць з паэтавых лістоў, “жыў ад 20-га да 20-га, да таго ж і вінен шмат каму”.Заставалася адно: пазычыць пад кніжку грошы ў знаёмых.

2в.

Доўга і цярпліва ён будзе чакаць выхаду зборніка. А калі нарэшце дачакаецца, на радасць застанецца мала часу. Вельмі мала.

1в.

Пры слове “Вянок” узнікаюць розныя асацыяцыі: вянок нявесты, дзявочы вянок з палявых кветак, што імклівая плынь нясе юнаку да другога берага ў час Купалля. І, нарэшце, жалобны вянок. Ці не сабе на магілу?..

2в.

Не, бо Максім занадта любіў жыццё, быў аптымістам. Марыў бачыць сваёй жонкай Ганну Какуеву.

Больш за ўсё жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак –

Маленькая дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна.

Гучыць песня “Зорка Венера”

1в.

З Ганнай Какуевай, сястрой таварыша па гімназіі, паэт сустрэўся ў  Яраслаўлі. Вядома, што гэта была прыгожая дзяўчына з тонкімі рысамі твару і цёмнымі карымі вачамі. Максім і Аня жылі ў розных гарадах. Цётка, якая замяніла дзяўчыне маці, была супраць яе адносін з хворым на сухоты паэтам.

2в.

Аднойчы, даведаўшыся, што да Ані заляцаецца яе былы аднакласнік Іван Лілееў, Максім увесь вечар правёў на прыстані, углядаючыся ў зорнае неба. Яму здавалася, што Аня ў гэты час таксама шукае іх любімую зорку і не можа не адчуваць, што і ён глядзіць на Венеру.

1в.

Успомніўшы першы вечар у Какуевых, Аню, якая іграла для яго , і Венеру, Максім у гэты ж вечар напісаў “Раманс”, верш, які стаў шэдэўрам інтымнай лірыкі.

Какуевай прысвечаны шматлікія вершы  паэта.

 11чыт.

Маладыя гады,

Маладыя жаданні!

Ні жуды, ні нуды,

Толькі шчасце кахання.

Помніш толькі красу,

Мілы тварык дзявочы,

Залатую касу,

Сіняватыя вочы.

Цёмны сад-вінаград,

Цвет бяленькі вішнёвы,

І агністы пагляд,

І гарачыя словы.

Будзь жа век малады,

Поўны светлымі днямі!

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі!

(“Маладыя  гады”)

12 чыт.

Не знайсці мне спакою

Ні цёмнай ноччу, ні днём,

Бо любоў мяне мучыць і паліць

Пякельным агнём.

Але ведама, каб, апаліўшыся, боль заглушыць,

Трэба толькі да раны

Халоднай зямлі прылажыць.

Пэўна, прыйдзецца мне пахавацца ў сырую зямлю,

Каб уцішыць мучэнні і тую забыць,

Што люблю.

(“Не знайсці мне спакою”)

2в.

25-гадовы юнак толькі сустрэў сваю вясну кахання, і жыццё яму абяцала так шмат. Але запаветным марам – стварыць сям’ю , мець дзяцей ад каханай – не суджана было збыцца. Некаторыя вершы паэта гучаць як трывожныя прадчуванні.

13 чыт.

Ты стамілася, змарнела.

Слёз праліла рэчку.

Што ж, пастаў прад абразамі,

Запаліўшы, свечку.

Мо паможа Яну гэты

Свет і пацер словы…

Асвяціла свечка з воску

Хлопца твар васковы.

Тае воск і ўніз ціхутка

Кропелькі сцякаюць,

А ў вачах збалелых Яна

Слёзы праступаюць.

Свечка свеціць, свечка ззяе,

Свечка дагарае,

А ў панурай, цеснай хаце

Хлопец памірае.

Ой, не век жа свечцы тонкай

Зіхацець, гарэці.

Дагарыць яна і знікне,

Як і ўсё на свеце.

(“Ян і маці”)

14 чыт.

Не кувай ты, шэрая зязюля,

Сумным гукам у бары.

Мо і скажаш, што я жыці буду,

Але лепш не гавары.

Бо не тое сведчыць маё сэрца,

Грудзі хворыя мае.

Боль у іх мне душу агартае,

Думцы голас падае.

Кажа, што нядоўга пажыву я,

Што загіну без пары…

Прыляці ж тады ты на магілу,

Закувай, як у бары.

(“Не кувай ты, шэрая зязюля”)

15 чыт.

Даўно ўжо целам я хварэю,

І хвор душой.

І толькі на цябе надзея,

Край родны мой!

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я магу пазбыцца

Сваёй нуды.

Калі ж у ім умру-загіну –

Не жалюсь я!

Не будзеш цяжкая ты сыну

Свайму, зямля.

Там хоць у гліне, хоць у брудзе,

Там пад зямлёй,

Найдуць мае слабыя грудзі

Сабе спакой.

(“Даўно ўжо целам я хварэю”)

1в.

Скончыўшы ў 1916 годзе ліцэй, Максім Багдановіч прыехаў у Мінск і жыў у адным доме са Змітраком Бядулем. Стан яго здароўя з кожным днём пагаршаўся. З успамінаў Змітрака Бядулі.

Чытаюцца ўспаміны.

Канец 1916 года. Мароз. Ноч. Маленькі мадок на маім двары абтрушан снежным цветам. Учора гэтай парой Максім доўга жартаваў на двары і смяшыў маіх сясцёр, як малых дзяцей.Сёння ён таксама хацеў выйсці са мной, але нечакана закашляўся.

– Дарагі Змітрок, – сказаў ён.- Вы прабачце мне. Буду ў хаце сядзець.

Максім дастае са сваёй тумбачкінекалькі кніг, паперу, аловак, чарніла, кладзе на стол гадзіннік, тэрмометр. Так ён робіць кожную ноч. Пасля праверкі тэмпературы ён забываецца збіваць тэрмометр. Я не раз раніцою, калі Максім моцна спаў, глядзеў тэрмометр. Ён паказваў 38 з дзясятымі…

Павольна і старанна ён водзіць алоўкам па тонкай стопцы паперы. Праз некалькі хвілін шэптам чытае напісанае і тут жа энергічным узмахам алоўка ўсё перакрэслівае…

Ён зноў садзіцца за стол. У цішыні чуваць шорхат алоўка па паперы.

1в.

Жыццё наканавала яму кароткі век.І можа таму, што ён ведаў пра гэта, так спяшаўся працаваць, каб паспець сказаць людзям пра ўсё, што вынасіў у сваім сэрцы.Спяшаўся, каб не спазніцца, не зважаючы на тое, хопіць сіл ці не. Не адкладваў нічога на потым, усё рабіў сёння, бо заўтра магло быць позна.

2в.

Аб сваім здароўі Максім Багдановіч клапаціцца не ўмеў. Усе яго думкі былі разам з народам, усю сваю душу ён аддаваў людзям. Атрымліваючы ў харчовым камітэце цукар, хворы паэт не піў салодкага чаю.Назбіраўшы каля 10 кілаграмаў цукру, ён аддаў яго ў дзіцячы дом.

1в.

У лютым 1917 г. паэту стала зусім дрэнна. Сябры сабралі грошы і адправілі яго лячыцца ў Ялту. Але дарэмна.

Быў май. За акном пачыналася навальніца,  і Максім  раптам убачыў, як ішла да яго маці. Яна падыходзіла да яго, усміхаючыся, з аплеценымі стужкамі валасамі, як у маладой на беларускім вяселлі, у вышыванай кашулі, з ручніком цераз плячо, але твар у яе быў бледны, змярцвелы, а наўкол дрыжэлі кволыя агеньчыкі свечак, і дзве з іх дагаралі хутчэй за іншыя: яе, матчына, і ягоная…

2 в.

25 мая 1917 г.Максіма Багдановіча не стала. Каля яго ложка знайшлі лісток паперы з радкамі:

У краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

Гэтай кнігай быў зборнік вершаў “Вянок”. І пахаваюць паэта чужыя людзі, для якіх ён быў усяго толькі нейкім студэнтам…

Чытаецца ўрывак з “Балады васількоў” А.Лойкі.

 

Што ж?

Здавён ужо быў адзінокі ён.

Сам сабе, па сабе ён быў:

Ад бацькоўскага краю далёкі,

Адзінокі, яго любіў.

Незайздроснасць пяснярскага лёсу:

Быў адзін, а любіў – усіх,

Пагарджаных, пакрыўджаных, босых,

Згаладнелых, сляпых, глухіх.

Так пражыў на зямлі, як бязродны,

Сам не засцячы людзям нідзе:

Жыў самотны, памёр самотны,

І хавалі амаль без людзей.

Нехта бег напрасткі да порта,

Нехта ставіў радні манумент…

Хто такі малады памёр там?

Так… Якісьці прыезджы студэнт…

І адны былі толькі вочы,

У якіх плыў кругамі свет,

І сасмяглыя вусны дзявочыя

Прашапталі : “Ён быў – паэт…”

Час прайшоў. Дзень высокі ўзняўся.

Песні волі залётна звіняць…

Беларусь! Твой народ дачакаўся

Залацістага, яснага дня.

Бы з магілы, чутно з нябыту,

Пасланцы яе бачаць здалёк,

Быццам толькі што з роднага жыта

На магіле яго васілёк.

Гучыць песня “Слуцкія ткачыхі”

Усе ўдзельнікі выходзяць на сцэну.

1 чыт.

Калі паміраюць паэты,

Што ні перад кім не гнуцца,

У чалавецтва прасветы

На ўсе вякі застаюцца.

2чыт.

І ні пры чым тут гены,

Што правяць жыццём і светам,

Паэтам няма замены,

Няма замены  паэтам!

 3 і 4 чыт.

– Хто нашу зямельку адновіць,

Верне яе блакіту без меры?

– Глядзіць у вочы Максім Багдановіч

Вачамі  зоркі Венеры.

– Хто нашу мову замовіць

Ад вуснаў злых , нечытэльнай паперы?

– Глядзіць у вочы Максім Багдановіч

З надзеяй зоркі Венеры.

 

– Хто нашы душы заслоніць

У душы дзяцей хто ўкладзе крыху веры?

– Гарыць высока Максім Багдановіч

Ясным агнём зоркі Венеры.

5чыт.

Мы не ўсё, што хацелі, сказалі,

У нашых сэрцах жывеш ты, павер.

І кахання, што знаў гэтак мала,

У цябе вельмі многа цяпер.

6 чыт.

І твае чарадзейныя словы

Даказалі даўно ўсяму свету,

Як пяшчотна гучыць наша мова

У сапраўдных вялікіх паэтаў.

7чыт.

Беларусы табой ганарацца,

Тут імя тваё дорага ўсім,

І так хораша нам называцца

Землякамі тваімі, Максім.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий