“Мелодыю мовы славянскай я чую…”

Да 130 – годдзя з дня нараджэння

Янкі Купалы і Якуба Коласа

100 – годдзя з дня нараджэння Максіма Танка

Вядучы: Сённяшняе свята мы прысвячаем 130 – годдзя з дня нараджэння

Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100 – годдзя з дня нараджэння Максіма Танка, вялікіх майстроў паэтычнага слова .

У час іх юбілею варта прыгадаць, што напачатку было слова, што і сёння яно не страціла сваёй моцы і вядзе чалавека па Зямлі, што і заўтрашні дзень не ўявіць нам без яго.

Вядучая: Слова – гэта само жыццё і адначасова адбітак яго. “ Няма проста слова”, – як сказаў паэт.Яно альбо праклён, альбо прыгажосць, альбо боль, хлусня альбо праўда, святло альбо цемра.І таму слова – гэта яшчэ і шлях да іншага чалавека, ключ да яго душы, дотык да яго сэрца.

Ціха – ціха гучыць мелодыя.

Вядучы: У кожнага народа ёсць паэты, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. У нас, беларусаў, – гэта Янка Купала і Якуб Колас.

Сёння мы з вамі зноў пагартаем старонкі жыцця і мастацкай біяграфіі нашых песняроў.

Вядучая: У Яся Луцэвіча, як ў кожнага чалавека на гэтым свеце, пачыналася ўсё з дня нараджэння. Вязынкі, дзе ён нарадзіўся, гэтай невялічкай хаткі над рачулкай Ясь зусім не памятаў. Дык калі яго, Ясева, сапраўднае жыццё пачалося? Можа, тады, калі ўпершыню пачуў гучанне свайго верша з вуснаў выдаўца – рэдактара газеты “ Северо – Западный край” “ Але, хоць колькі жыць тут буду…?”

А, можа, тады, калі апякла яго думка: “ Мне трэба быць Купалам, мне трэба знайсці купальскую кветку шчасця. Я той, каму шукаць яе, – для сябе, для мужыка”.

Вядучы: А маці ўздыхала: “ Дзеткі, дзеткі, і захацелася табе гэтага лёгкага хлеба”. І гучыць у вуснах маці асуджэнне. А вось ужо надрукаваны верш “ Мужык” поруч з апавяданнем Л. Талстога “ Тры сыны”. Больш віднага месца ў газете, чым поруч са славутым пісьменнікам, і не было. вось і няма ўжо Яся, няма Івана Дамінікавіча Луцэвіча. Затое ёсць Янка Купала.

Гучыць мелодыя “ Купалінка”

Сцэнка “ Сын і маці”.

С ы н

— Мамка, мамка, нам сягоння

Гаманілі ў школе

Аб якойсьці Беларусі,

Што жыве на волі.

Хоць я слухаў вельмі шчыра

(Не люблю іначай),

Ды ніяк не мог уцяміць,

Што ўсё гэта знача.

  М а ц і

— А вось тое, мае дзеткі,

Глянь-зірні наўкола:

Бачыш гэтыя сялібы,

Хаткі нашых сёлаў;

Гэта поле — шнур ля шнура —

Ўзгоркі і лагчынкі,

На узмежку грушу-дзічку,

Крыж каля пуцінкі?

Бачыш логі, сенажаці,

А на іх — крыніцы,

Далей — бор зялёны, гонкі,

Што увысь глядзіцца?

А там далей, дзе ўжо вока

Дасягнуць не можа,

Тое самае пабачыш, —

А ўсё так прыгожа!

Сотні вёсак і мястэчак,

Гарадоў нямала,

Рэк бурлівых, пушч гамонкіх

З неапетай хвалай.

Там плывуць Дняпро і Сожа,

Ды Дзвіна і Нёман,

Белавежы, Налібокаў

Там чуваці гоман.

Гарады — Мінск, Віцебск, Вільня,

Магілёў, Гародня

І Смаленск з сцяной цаглянай

Разляглі выгодне.

Аб вялікай нашай славе

Сведчаць на свет цэлы, —

Як жылі мы, панавалі

Ў родным краі смела.

Во ўсё гэта, мае дзеткі,

Ад межаў да межаў

Беларусяю завецца

Й да цябе належа.

 С ы н

— А! Ўжо сцяміў! Дык багат я,

Меўшы столькі цудаў:

Гэткім чынам я ніколі

Служкаю не буду.

Ну, а йшчэ скажы мне, мамка,

Бо я не разважыў:

Што такое беларусы,

Як настаўнік кажа?

   М а ц і

— Ах, які ты йшчэ дурненькі,

Каб не скеміць гэта!

Ну, паслухай: усе людзі

Што ад лета ў лета,

Ад пакон вякоў жылі тут

І жывуць сягоння,

Носяць світкі, носяць лапці

Ды былі ў прыгоне,

Ўсе — і ты, і я, суседзі,

Хто, па-твойму, прусы?

Дык жа ўцям: на Беларусі

Жывуць беларусы!

Ды яшчэ, каб лепей ведаў,

Мушу табе ўспомніць:

Беларусы беларускай

Гутаркай гамоняць.

  С ы н

— Вось яно што! Праўда, мамка,

Ўжо сабе ўтлумачыў:

Беларус я! Ох, дам пытлю,

Хто скажа іначай.

Ну, але яшчэ не ўсё тут

Ясным мне здаецца:

Што такое беларускай

Гутаркай завецца?

   М а ц і

— Ой, дурненькая варона,

Што з табой чыніці!

Як жа йначай беларусы

Могуць гаманіці?

Як жа мы з табой гуторым

Вось у гэту хвілю?

Як жа я пяю над зыбкай

Для малой Марылі?

Ды паслухай, як на вёсцы

Кажа дзядзька, цётка;

Як пяюць улетку жнеі

За сваёй работкай;

Як бабуля баіць казкі

Аб нядолі-долі;

Як начлежнікі спяваюць

На начлезе ў полі?

   С ы н

— Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!

Як у люстры бачу,

Пакажу я ўсяму свету,

Хто я, дый што значу!

 

Вядучая: Яго душа не магла без кнігі, не магла без радкоў, што станавілася строфамі, вершамі. А праца на бровары – непакой, клопат, бегатня.

Ціха гучыць музыка.

Потым былі Вільня, рэдакцыя “Наша Нівы”, затым вучоба ў Пецярбургу. І вось у смутку пецярбургскіх белых начэй нараджаюцца паэмы “ Курган”, “ Сон на кургане”, “ Адвечная песня”.

Сцэнка “Паўлінка”.

Вядучы: Даўно заўважана, што лірыка кахання – адна з самых складаных галін літаратурнай творчасці. У інтымнай ці любоўнай лірыцы Купала не саступае сваім папярэднікам, карыфеям любоўнай тэматыкі – Петрарку, Гётэ, Пушкіну. Гэта можа ўспрымацца адразу як нейкі парадокс: пісаў жа, здаецца, найбольш пра грамадскія праблемы, а тут раптам каханне… Ды вось з вершаў любоўнай лірыкі я. Купалы ( а іх каля 40), з паэм “ Ніколі”, “ Адплата кахання”, “ Магіла льва”, “ Яна і я” складзена кніга паэзіі.

Сцэнка “ Бандароўна”

Вядучая:Так, шмат было сустрэч з жанчынамі ў жыцці паэта. Але было дзве жанчыны, якія змагаліся за Янку. Адна – Уладзіслава Францаўна Станкевіч, што прыняла руку і сэрца генія, другая – Паўлінка Вікенцьеўна Мядзёлка, якая чамусьці адмовіла яму.Чаму?

Чытач:

Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,

З гэтай ласкай глязеў у яе сумныя вочы,-

Як і сонца не туліць расквечаных ніў,

Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

 

Так пясціў, так галубіў галубку, яе,

Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі,-

Як і маці не песціць дзіцё – як спаўе,

Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!

 

Столькі песень над песнямі ёй я напеў,

Столькі думак злажыў аб ёй важных, таемных,-

Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,

Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

 

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад

І такую ўзлажыў ёй з кахання карону,-

Як і неба з зямлёю, на божы загад,

Не прыдбаюць такіх не кароны, ні трону!

 

Так уславіў яе ў славу сонца і зор,

Так маліўся дзень – ноч к ёй мальбою нябёсаў,-

Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор,

Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!

 

Утварыў з яе шчасце з – пад шчасцяў сваё

Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,

І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…

А яна? А яна была толькі… дзяўчына!

                         ( Верш “ А яна…”)

Вядучы: 1941 год. Што Купала – паэт мог супрацьпаставіць тактыцы выпаленай зямлі, па знішчальных законах якой ішоў праз Беларусь вораг? Яго рукі, яго вочы, яго сэрца, яго любоў і нянавісць знайшлі такую сілу. І загучала грозным заклікам:

“ Партызаны,партызаны…”

І над усімі франтамі ў агні і крыві гучалала:

“ Клічу вас я на пабеду!…”

Вядучая: Ён верыў у яе, але не дажыў. Янка Купала трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве. Праз тысячу шляхоў адчула гэта матчына сэрца і спынілася – праз два дні пасля смерці сына. Хавалі іх у адзін дзень.

 

Вядучы:  Якуб Колас. Яго жыццё – гэта адна з найцікавейшых старонак у жыцці ўсяго народа, бо лёс песняра неад емны ад лёсу яго роднай зямлі. Ён “аддаў увесь свій талент народу, у гэтым яго хараство і веліч. Паэт, празаік, драматург, вучоны, публіцыст, – няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, няма ў яе гісторыі на працягу паўстагоддзя такой старонкі, дзе б не заззяла слаўнае імя Якуба Коласа, не праявілася якая – небудзь грань яго шчодрага таленту”, – так пісаў Іван Мележ.

Песня “ Мой родны кут”

Вядучая: Першы верш Кастусь напісаў у 12 гадоў. Бацька ўпадабаў твор і даў рубель гасцінца. А ў 15 гадоў хлопец паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пасля семінарыі працуе настаўнікам на Палессі. За удзел у настаўніцкім з ездзе Якуб Колас 3 гады прасядзеў у Мінскім астрозе. Тады выходзіць яго першы зборнік “ Песні жальбы”.

Вядучы: Пасля былі фронт, армія, вайсковае вучылішча, пераезд у Мінск, праца ў якасці педагога і навукоўца. Сапраўднымі з явамі ў творчасці песняра і ўсёй беларускай літаратуры сталі яго паэмы “ Новая зямля” і “ Сымон – музыка”, трылогія “ На ростанях”.

Сцэнка “Сымон музыка”.

Вядучая: Вайна разлучыла Якуба Коласа з родным краем. Забрала ў яго сына Юрку, які загіну на фронце.Па сутнасці, і жонку Марыю Дзмітрыеўну, якая балюча перажывала страту сына, цяжка захварэла і амаль праз два тыдні пасля заканчэння вайны памерла. Але ўрэшце пісьменнік змог вярнуцца на Беларусь.

Вядучы: Лёс падарваў Канстанціну Міцкевічу сустрэчу, знаёмства, каханне з адзінай жанчынай, якая на ўсё астатняе жыццё стала ягонай зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем. Абставіны іх сустрэчы так і засталіся для ўсіх таямніцай. Нідзе і ніколі не пісаў пра гэта Колас.

Вядучая:  У творчым лёсе Якуба Коласа і Янкі Яупалы было шмат агульнага: яны нарадзіліся ў адным годзе, амаль адначасова выступілі ў літаратуры, добра ведалі адзін аднаго. У 1912 г. у Смольні яны ўпершыню сустрэліся і вырашылі поплеч ісці па дарозе жыцця.

Вядучы: Краіна паэзіі і Максіма Танка надзвычай вялікая і цікавая. Яе перасякаюць амаль усе мерыдыяны зямнога шара, на скрыжаваннях яе дарог узвышаюцца сотні гарадоў і вёсак, яна населена людзьмі самых розных нацый і народнасцей. Усё хвалюе паэта: родныя краявіды і праблемы чалавечага існавання, панарама бітвы за хлеб і згадкі мінулых бітваў з фашызмам, пачуццё кахання.

Верш  “ Пра хлеб”

Вядучая: Скрозь ідэйна – тэматычну разнастайнасць паэзіі Максіма Танка асабліва яскрава праступае адна вядучая, дамінуючая тэма. Гэта – тэма сацыялістычнай Радзімы, роднага краю, бацькаўшчыны. У творчасці паэта знайшла шырокае адлюстраванне наша шматпакутная гісторыя, яе рэальныя факты і легендарныя моманты. Ён ставрыў паэмы пра Кастуся Каліноўскага і паўстанне нарачанскіх рыбакоў, склаў песні і балады пра партызан Вялікай Айчынай вайны.

Верш “ Аб радзіме”

Вядучы: З годнасцю ісці дарогай вернасці дапамагае Танку яго уласная дабрыня і чуласць. У душы Максіма Танка знаходзіць водгук усё самае светлае, запаветнае, высакароднае.

Вядучая: Вершы Максіма Танка – гэта сведчанне таго, што па дарозе жыцця ідзе мудры, добры, дасціпны чалавек, які ўсё бачыць, усё заўважае і ўсё праспускае праз сваё чулае сэрца. Сваёй паэзіяй ён пракладвае “ вясёлкавы мост ад сэрца людскога да мары”.

Верш

Вядучы: Імкліва бягуць гады… Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці нашай Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк – выдатныя пісьменнікі, без якіх немагчыма ўявіць беларускую літаратуру.

Вядучая: Традыцыі беларускіх песняроў прадоўжылі многія беларускія пісьменнікі і паэты. І якое свята без  тых, каму роднае слова, што ласка маці, каму  свій “ родны кут мілы” свеціць яскравай зоркай, хто любіць і шануе родную мову і бацькаўшчыну.

Вядучы: Тварыце ж любоў! Няхай пачуццё будзе ў вас узаемным, шчырым, светлым. Жадаем вам дабра ў вашых сэрцах, святла ў вашых душах, няхай у згодзе з любым поўніцца вашае жыццё пад божым небам.

 

 

Добавить комментарий